ДАДА́НЫ СКАЗ,
прэдыкатыўная частка складаназалежнага сказа, якая сінтаксічна падпарадкавана гал. частцы. Фармальным паказчыкам сінтакс. падпарадкавання даданай часткі служаць злучнікі і злучальныя словы. Яны па-рознаму ўваходзяць у яе структуру і ў пэўнай меры кваліфікуюць яе значэнне.
У лінгвістычнай л-ры не існуе адзінай класіфікацыі даданых частак. Часцей за ўсё яны ў залежнасці ад спосабу сувязі і характару адносін з гал. часткай падзяляюцца на прыфразныя і прыслоўныя. Прыфразныя часткі прымацаваны слабай сувяззю да гал. часткі, бо адносяцца да ўсяго яе зместу і не прадвызначаюцца яе будовай. Сярод іх вылучаюцца даданыя часу, месца, прычыны, мэты, умовы, уступальныя, выніковыя, параўнальныя, далучальныя. Прыслоўныя часткі адрозніваюцца цеснай сувяззю з гал. часткай, бо адносяцца да асобных яе слоў і служаць для іх удакладнення і канкрэтызацыі. Сярод іх вылучаюцца даданыя азначальныя, дапаўняльныя, дзейнікавыя, выказнікавыя, спосабу дзеяння, меры і ступені.
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.
Л.І.Бурак.
т. 6, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)